НЁІ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919.

Падпісаны 27 ліст. ў Нёі-сюр-Сен (прыгарад Парыжа) паміж дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-ю сусв. вайну, і Балгарыяй; частка Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Набыў сілу 9.8.1920. Паводле дагавора Балгарыя страціла Зах. Фракію (8,5 тыс. км², перайшла ў распараджэнне Вялікабрытаніі, Італіі, Францыі, ЗША і Японіі, у 1920 перададзена Грэцыі) і выхад да Эгейскага м. (Балгарыі гарантаваўся свабодны эканам. выхад да гэтага мора), 4 зах. акругі з гарадамі Царыброд, Басілеград, Струміца (2566 км²; адышлі да Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з 1929 — Югаславія), пацверджана мяжа з Румыніяй, устаноўленая Бухарэсцкім мірным дагаворам ад 10.8.1913 (Паўд. Дабруджа засталася ў складзе Румыніі). Балгарыя абавязалася выплаціць дзяржавам-пераможцам рэпарацыі на суму 2,25 млрд. залатых франкаў (на працягу 37 гадоў), яе ўзбр. сілы колькасна абмяжоўваліся да 20 тыс. чал. У 1929 і 1930 перагледжаны артыкулы дагавора аб рэпарацыях, у 1938 — аб ваен. абмежаваннях.

Паводле балг.-рум. дагавора ад 7.9.1940 Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Н.м.д. страціў сілу пасля 2-й сусв. вайны.

т. 11, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)